У часопісе «Мастацтва» змешчаны агляд карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка11.12.2017

За шэсць гадоў збірання сваёй карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанк здолеў стварыць сапраўдны альтэрнатыўны музей беларускага мастацтва, што размясціўся ў галерэі “Арт-Беларусь”. Сёння ў банкаўскім зборы знаходзіцца больш за 100 артэфактаў, створаных з пачатку XVI да канца ХХ стагоддзя мастакамі, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. І галоўная разынка калекцыі ў тым, што ў ёй сабраны аўтары, не прадстаўленыя ў іншых музеях нашай краіны. Сярод іх – зоркі першай велічыні: Шагал, Суцін, Бакст, Ваньковіч, Рушчыц, Цадкін, Сорын, Маневіч…

Ядро калекцыі складаюць працы мастакоў Парыжскай школы. Унёсак нашых землякоў у фармаванне гэтага інтэрнацыянальнага культуралагічнага феномена цяжка пераацаніць. У 2012 годзе Белгазпрамбанк вярнуў у Беларусь першую жывапісную працу Шагала (“Закаханыя”, 1981) і твор Суціна (“Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука”, прыблізна 1934), прыдбаўшы іх на лонданскім аўкцыёне “Крысціс”. Годам пазней быў здзейснены самы дарагі набытак – шэдэўр Суціна “Ева” (1928), куплены на “Сотбіс” у Нью-Ёрку. Але першымі былі купленыя ў 2011 годзе работы паплечнікаў знакамітых майстроў: Царфіна, Крэменя, Любіча, Кікоіна – у эксперта Надзін Нешавер у Парыжы.

З часам канцэпцыя збірання карпаратыўнай калекцыі істотна пашырылася. Гэта звязана з рэалізацыяй маштабнага праекта “Арт-Беларусь”, які мае на мэце адлюстраваць працэс развіцця культуры Беларусі ва ўсё паўнаце і бесперапыннасці. Далейшае папаўненне банкаўскага збору адбывалася з мэтай запаўнення тых лакун, што маюцца ў рэпрэзентацыі гісторыі айчыннага мастацтва і культуры ў нашай краіне. Так, у калекцыі з’явіліся выданні Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага, “Партрэт Тамаша Зана” Валенція Ваньковіча (1837-1839), шэраг прац Фердынанда Рушчыца. Вялікая ўвага была нададзена рэканструкцыі эпохі мадэрну ў мастацтве Беларусі, выбудаваная вакол асобы геніяльнага Бакста. Сапраўдным адкрыццём для айчыннага гледача сталі набытыя Белгазпрамбанкам творы паплечнікаў Бакста па аб’яднанні “Свет мастацтва” і іх спадарожнікаў Дзмітрыя Стэлецкага, Савелія Сорына, Рыгора Баброўскага, Паліны  Хентавай, Абрама Маневіча, Казіміра Стаброўскага.

Адна з задач калекцыі – адкрыццё невядомых імёнаў. Напрыклад, земляка Суціна, ураджэнца Смілавіч Шрагі Царфіна, а таксама такіх мастакоў, як Абрам Манасзон, прадаўжальнік традыцый Шагала, і прадстаўнік ленінградскай школы Рувім Фрумак. Адным з яркіх набыткаў апошняга часу можа лічыцца нацюрморт “Нарцысы” Яўсея Майсеенкі (1970–1980-я). Менавіта ў творах камернага жанру, у адрозненне ад маштабных гісторыка-рэвалюцыйных палотнаў, гэты мастак здолеў праявіць сябе як тонкі каларыст і знаўца еўрапейскага авангарду.

Прадстаўлена ў банкаўсім зборы і скульптура. Гэта найперш кубістычныя формы Восіпа Цадкіна, мадэрнісцкія вопыты Леона Індэнбаўма і Аскара Мешчанінава. Выключнай рэдкасцю для Беларусі можа лічыцца мастацтва стылю ар-дэко. Менавіта ў гэтым рэчышчы створана дробная пластыка ўраджэнца Полацка Сержа Зеліксона. 

У апошні час унутры банкаўскага збору пачала вымалёўвацца яшчэ адна цікавая тэматычная калекцыя – жаночага партрэта розных перыядаў, тэхнік, напрамкаў: ад класіцызму да постмадэрну. Найбольш познім творам тут з’яўляецца “Першае прычасце” Барыса Заборава (1981) –  адзіная праца, якую банку ўдалося вярнуць у Беларусь са згоды аўтара.

Фармаванне карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка актыўна працягваецца. Яшчэ нямала засталося ў свеце імёнаў беларускіх мастакоў, што чакаюць папулярызацыі на Радзіме. Разам з тым збіранне калекцыі дае штуршок не толькі для музейна-выставачнай дзейнасці, але і для ўпрыгожання гарадскага асяроддзя (плануецца ўстаноўка манументальных прац Цадкіна ў Мінску і Віцебску), вытворчасці дакументальнага кіно, выдання кніг і даследаванняў.

На фота: Яўсей Майсеенка. Нарцысы. Алей. 1970–1980-я

Алесь Сухадолаў
“Мастацтва” №11/2017