На прэзентацыі праекта «Малевіч для дзяцей» анансавалі выпуск дзіцячай кнігі пра мастакоў Парыжскай школы14.03.2018

«Некалi ў дзяцiнстве ў мяне была мара, што аднойчы я прачытаю кнiжку пра цудоўнага мастака. На школьных занятках па гiсторыi мы вывучалi жыццё нейкiх палкаводцаў i змагароў, але амаль што нiколi не размаўлялi пра музыкаў, мастакоў, паэтаў. Таму, калi мне прапанавалі прыняць удзел у стварэннi такiх кнiг-падручнiкаў пра мастакоў для дзяцей, я быў вельмi задаволены. Я запрасiў нашых найлепшых музыкаў, паэтаў i казачнiкаў, каб яны стварылі для вас такiя кнiгi. А Малевіч, дарэчы – мой любiмы мастак!» (Адам Глобус, пісьменнік)

Мара Адама Глобуса нарэшце ажыццявiлася! У нядзелю 11 сакавiка на пляцоўцы культурнага iнкубатара Белгазпрамбанка ОК16 каманда «Дзіцячых творчых майстэрняў» прэзентавала «Казiмiра Малевiча для дзяцей» – другую кнiгу з серыi выданняў пра мастакоў Беларусi.

Праект Галерэi сучаснага мастацтва Ў «Дзіцячыя творчыя майстэрнi» пачаў сваё iснаванне ў 2012 годзе з заняткаў па выяўленчым мастацтве для дзяцей. Iдэйнымi лiдарамi i натхняльнiкамi «Майстэрняў» сталi Iрына Лукашэнка, менеджар i каардынатар праекта, Сафiя Садоўская, мастацтвазнаўца i куратар адукацыйных праграм, Bazinato, мастак i аўдыёвiзуальны даследчык, i Вольга Мжэльская, PR-менеджар. З цягам часу аўдыторыя праекта пашыралася i амбiцыi арганiзатараў павялічваліся. Такiм чынам, два гады таму з’явiлася iдэя аб стварэннi кнiг пра мастацтва. Першая кнiга была прысвечана мастакам Вiцебскай школы.

У гэтым годзе «Казiмiр Малевiч для дзяцей» аб’яднаў вакол сябе выбітных прадстаўнікоў розных творчых прафесій, бо «выйшаў за межы проста кнiгi»: гэта паўнавартасны мультымедыйны праект, якi ўключае як папяровае выданне, так i вiдэаклiп, створаны дзецьмi cумесна з мастаком Bazinato, а таксама песню «Намалюй», якую спецыяльна для праекта напicаў Лявон Вольскi i выканаў фальклорны ансамбль «Весянчук» пад кіраўніцтвам Надзеi Чугуновай.

Творчасць Малевiча стала крынiцай натхнення яшчэ для аднаго са стваральнiкаў выдання, паэта Андрэя Хадановiча, якi прэзентаваў свой верш пра мастака, загадка жывапісу якога да сённяшняга дня хвалюе гледачоў:

Ёсць манюкі, што ўсiх дураць,
А Малевiч тварыў шчыра,
Бо не ўмее талент халтурыць –
Той, каторы ў Казiмiра.
Хтось малюе, што мае пад бокам:
Хата, бусел, конiк, араты.
Хтосьцi бачыць свет трэцiм вокам:
Марсiяне, анёлы з Богам,
А чацвёртым выходзiць квадрат.
Хтось стварае без уяўлення,
Сам сябе пасадзiў за краты,
А Малевiч не стаў на каленi,
А Малевiч падсеў на квадраты.
Свет вакол стаяў на вушах,
Казiмiра ж вяла яго тайна:
Рэвалюцыя з кулямі – жах!
Рэвалюцыя з фарбамі – файна!
Кожны генiй – заўжды празорца,
Бачыць тое, што iншы 
– наўрад ці.
Зразумець пастарайся творцу,
А Малевiч – творца ў квадраце!

Здолелі «зразумець творцу» i дапамагчы праекту 177 чалавек. Такая колькасць людзей прыняла ўдзел у краўдфандынгавай кампанii па зборы сродкаў на платформе «Вулей». Прадстаўнiца «Вулля» Ганна Самарская адзначыла, што «Творчыя майстэрнi – вялiкiя хiтруны, бо праз дзяцей яны падахвочваюць дарослых ганарыцца тымi iмёнамi, якiя ёсць сення ў гiсторыi беларускага мастацтва». А Валянцiн Акудовiч, выступiўшы ў гэты раз рэдактарам выдання, падзялiўся наступным: «Мне так хочацца быць маленькiм, каб пачынаць сваё жыццё з творчасцi вялiкiх мастакоў, што нельга было ўявiць у маiм маленстве».

Вядоўца сустрэчы Вольга Мжэльская выказала падзяку партнёрам праекта i падкрэслiла тое, што кнiга пра Малевiча – далёка не апошняе выданне такога фармату. Запланавана, што трэцяя кнiга будзе распавядаць пра беларускiх мастакоў Парыжскай школы, творы якiх можна сёння пабачыць у галерэi «Арт-Беларусь». Яе кiраўнiк Аляксандр Зiменка стаў спецыяльным госцем прэзентацыi.

«Калi Белгазпрамбанк i «Арт-Беларусь» атрымалi прапанову разам з «Майстэрнямі» ладзiць праект па стварэнні новай, ужо трэцяй кнiгi, мы вельмi лёгка i хутка вырашылi прыняць у iм удзел. У мінулым годзе мы святкавалi 500-годзе беларускага i ўсходнееўрапейскага кнiгадрукавання. Белгазпрамбанк набыў кнiгу нашага першаасветнiка Францыска Скарыны. Зараз на краўдфандынгавай платформе «Вулей» мы падтрымлiваем «Галасы Утопii» лаўрэата Нобелеўскай прэмii Святланы Алексiевiч. Таму для нас было лагiчным крокам працягваць займацца выдавецкiмi праектамi. Ужо нeкалькi месяцаў мы вядзём размовы наконт гэтага выдання, якое пазнаёмiць вас, дарослых i маленькiх чытачоў, з вельмi цiкавым ансамблем мастакоў, якiя аб’ядноўваюцца пад назвай «Парыжская школа» цi «École de Paris». Спадзяюся, што нават не ў наступным, а ў гэтым годзе мы сустрэнемся на пляцоўцы ОК16, каб пабачыць разам новую кнiгу!» – адзначыў у сваёй прамове Аляксандр Зіменка.

Тэкст i фота : Кацярына Канаплёва