Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка
З 2011 года Белгазпрамбанк у шчыльным супрацоўніцтве з Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА, Міністэрствамі замежных спраў і культуры, Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь здзяйсняе ўнікальны па сваім змесце культурны праект – вяртае на Радзіму творы мастакоў, што нарадзіліся ў Беларусі і атрымалі сусветную вядомасць. Фарміраванне калекцыі карцін Марка Шагала, Хаіма Суціна, Пінхуса Крэменя, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна, Шрагі Царфіна (мастакоў Парыжскай школы першай паловы ХХ стагоддзя) стала першым істотным крокам у гэтым напрамку.
Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка сёння прызнана адным з самых буйных збораў прац экспрэсіяністаў Парыжскай школы не толькі ў Беларусі, але і ў цэлым ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Шматлікія з набытых банкам твораў мастацтва далучаны да Рэспубліканскага спісу гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
З часам канцэпцыя карпаратыўнай калекцыі твораў мастацтва Белгазпрамбанка пашырылася, што звязана з рэалізацыяй глабальнага праекта “Арт-Беларусь”, мэтай якога з’яўляецца паказаць працэс развіцця культуры Беларусі ва ўсёй яго паўнаце і непарыўнасці. У 2013 годзе збор папоўніўся кнігай Сімяона Полацкага “Посах кіравання” 1667 года выдання, карцінай класіка рамантычнага жывапісу ХІХ стагоддзя Валенція Ваньковіча “Партрэт Тамаша Зана” – у Беларусі да гэтага часу не было ніводнай арыгінальнай працы майстра. Сярод апошніх набыткаў банка – жывапісныя і графічныя творы Леона Бакста, найбольш запатрабаванага мастака знакамітых балетных “Рускіх сезонаў” у Парыжы.
Калекцыя Белгазпрамбанка стала папаўняецца значнымі творамі аўтараў - ураджэнцаў Беларусі, што здзейснілі прыкметны ўнёсак у гісторыю як айчыннай, так і сусветнай культуры.