Візантыйскія традыцыі
Велізарная міжземнаморская дзяржава Візантыя, што прыйшла на змену Старажытнаму Рыму і антычнай культуры, стварыла новае хрысціянскае мастацтва і амаль 1000 гадоў (VI–XV стст.) была жыватворнай крыніцай мастацтва хрысціянскіх краін, пры гэтым дазваляючы з’яўляцца новым нацыянальным варыянтам іканапісу, архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Многія стагоддзі беларускія землі былі наўпрост звязаны з Візантыяй, у першую чаргу, праз Праваслаўную царкву.
Археолагі знайшлі прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XII–XVI стст, выкананыя з камня, срэбра, золата, літога жалеза у Візантыйскай традыцыі. Гэта традыцыя ўвасоблена і ў Крыжы Еўфрасінні Полацкай.
Ікона — самая пашыраная і ўстойлівая форма ўвасаблення візантыйскай традыцыі. Найбольш старажытнымі помнікамі з’яўляюцца роспісы Спаса-Праабражэнскай (Спаса-Еўфрасіннеўскай) царквы (каля 1161). З цягам часу беларуская праваслаўная ікона адаптавала заходнееўрапейскія іканаграфічныя ўзоры і акадэмічныя жывапісныя прыёмы. Мастакі вытрымлівалі патрэбны баланс, які дазваляў візантыйскай стылістыцы быць вызначальнай.