Полацкая школа
Полацкая мастацкая школа сфарміравалася ў межах адукацыйнай сістэмы езуітаў, якія ў 1579 г. адкрылі ў Полацку калегіум. Напачатку мастацкія спецыяльнасці не былі аформлены як самастойныя дысцыпліны, а развіваліся дзякуючы патрэбам школьнага тэатра і для аздаблення разнастайных рэлігійных працэсій i святочных цырымоній. У ХVІІІ ст. быў уведзены курс архітэктуры. Тады ж у Полацку плённа развіваўся партрэтны жывапіс. Пры езуіцкім і дамініканскім кляштарах былі створаны партрэтныя галерэі. На пачатку 1770-х гг. у Полацку працаваў выдатны мастак позняга барока Сымон Чаховіч. Напрыканцы ХVІІІ ст. у Полацкім калегіуме фарміруецца збор еўрапейскага жывапісу .У 1785 г. у Полацк прыехаў архітэктар, матэматык, музыкант, філолаг, медык Габрыэль Грубер (1740–1805). Ён значна пашырыў межы мастацкай адукацыі, стварый для яе выдатную базу.
З 1812 да 1820 г. калегіум рэфармуюць у Акадэмію езуітаў з усімі правамі ўніверсітэта. Штогод падчас публічных экзаменаў ладзіліся выстаўкi, а таленавітых вучняў адпраўлялі за мяжу на стажыроўку. Вядомы партрэтыст Валенцій Ваньковіч (1800–1842) вучыўся 6 гадоў у Полацкай акадэміі езуітаў.
Пасля закрыцця Акадэміі езуітаў (1820) у яе будынках быў размешчаны пераведзены з Віцебска ліцэй піяраў, дзе распачаў свой творчы шлях заснавальнік акадэмічнага нацюрморта, пейзажыст і партрэтыст Іван Хруцкі (1810–1885).
Полацкая мастацкая школа ўзнікла і развівалася паралельна з Віленскай і прайшла праз стылі барока (С. Чаховіч, партрэты дамініканцаў), класіцызм (Г. Грубер, Ф. Талстой, Р. Слізень), рамантызм і бідэрмеер (В. Ваньковіч, К. Бароўскі, Т. Бычкоўскі, І. Хруцкі).