Школы Санкт-Пецярбурга і Масквы
Мастацкія школы Санкт-Пецярбурга і Масквы былі цэнтрамі прыцягнення таленавітай моладзі з усіх частак велізарнай Расійскай імперыі. Самай галоўнай мастацкай установай у краіне была Імператарская Акадэмія мастацтваў. Першым вучнем Акадэміі беларускага паходжання быў Міхал Падалінскі. У 1827–1839 гг. у майстэрні Максіма Вараб’ёва вучыўся Іван Хруцкі. У 1832 г. пасля паражэння лістападаўскага паўстання 1830 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт з яго факультэтам выяўленчага мастацтва. Гэта выклікала новую хвалю студэнтаў з былога Вялікага княства Літоўскага у Санкт-Пецярбург. У 1840 гг. да І. Хруцкага далучыліся яго браты Андрэй і Яўстафій. Традыцыю сямейнага навучання працягнулі Іосіф, Васіль і Мікалай Заранкі, браты Гараўскія – Апалінарый, Іпаліт, Гілярый. У 1830–1840-я гг. у Акадэміі мастацтваў вучыліся Канстанцін Кукевіч і Кандрат Карсалін, у 1850-я — Нікадзім Сілівановіч.
Дзяржаўная рысавальная школа пры Таварыстве заахвочвання мастакоў была заснавана ў Пецярбургу ў 1839г. У ёй Апалінарый Гараўскі і Тадэвуш Дмахоўскі былі выкладчыкамі, а Марк Шагал і брат і сястра Аркадзь і Зінаіда Астаповічы – студэнтамі. У 1843г. у Маскве пачало дзейнічаць Вучылішча жывапісу і скульптуры. З 1856 г. у ім пачаў выкладаць Сяргей Заранка. У 1890-я гг. у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў І. Левітана, С. Каровіна, В. Паленава і І. Пранішнікава навучаліся Вітольд Бялыніцкі-Біруля і Станіслаў Жукоўскі.
У ХIХ ст. мала хто з выпускнікоў расійскіх мастацкіх школ вяртаўся ў Беларусь. Незапатрабаваныя на радзіме, яны з’язджалі ў буйныя мастацкія цэнтры Расіі ці Царства Польскага. На мяжы ХХ ст. сітуацыя змянілася. У 1890-я гг пасля навучання ў майстэрні мастакоў-перасоўнікаў Леў Альпяровіч, Якаў Кругер, Фердынанд Рушчыц, Майсей Сляпян вярнуліся на радзіму для працы і выхавання новага пакалення мастакоў. У Ю. Пэна вучыўся Марк Шагал і Осіп Цадкін, у Я. Кругера вучнямі былі Хаім Суцін і Іван Ахрэмчык.