Школа малюнка і жывапісу Я. Кругера ў Мінску
Якаў Кругер нарадзіўся ў Мінску ў 1868 г.. У лістападзе 1900 г. ён вярнуўся ў родны горад з дыпломам Вышэйшых педагагічных курсаў пры Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, спадзеючыся стаць не толькі педагогам, але і, улічваючы сваю бліскучую адукацыю, першым мастаком. Толькі ў 1904 г. «дзякуючы нястомным намаганням» энергічны Я. Кругер атрымлівае ў губернатара дазвол на адкрыццё «Курсаў малявання і жывапісу». Школа ставіла задачу «даваць магчымасць жадаючым атрымаць мастацкую адукацыю і падрыхтоўваць да іспытаў для паступлення ва ўсе навучальныя ўстановы, дзе прадмет малявання абавязковы». Сярод абавязковых прадметаў выкладання былі: «маляванне з рэльефных фігур, стыльных арнаментаў, антычных гіпсавых галоў, жывой натуры, тэорыя перспектывы, святлацені, фарбы і практычнае іх прымяненне».
У 1915 г., пад час Першай сусветнай вайны Я.Кругер з сям’ёй быў эвакуіраваны ўглыб Расіі. Дзейнасць школы прыпынілася і па шэрагу прычын не аднавілася пасля вяртання Я.Кругера ў Мінск у 1921 г.
Школа жывапісу пад кіраўніцтвам Я.Кругера, у адсутнасць на той час іншых мастацкіх навучальных устаноў, адыграла вызначальную ролю ў лёсе многіх беларускіх мастакоў. Сама біяграфія мэтра была прыкладам для пераймання. Амаль усе здольныя вучні Я. Кругера працягнулі вучобу ў Вільні, Парыжы, Маскве. Школа натхніла Хаіма Суціна і Міхаіла Кікоіна на далейшае ўдасканальванне майстэрства, што дазволіла ім стаць выдатнымі мастакамі Парыжскай школы. Пасля навучання ў Я. Кругера працягнуў вучобу ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве Міхаіл Станюта, які потым стаў вядомым педагогам і партрэтыстам. Іншы вучань Якава Кругера – Вячаслаў Руцай, у 1920-я гг. вучыўся ў маскоўскіх Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях (ВХУТЭМАС), а потым у Віцебскім мастацкім тэхнікуме падрыхтаваў цэлую плеяду выдатных жывапісцаў. Выхаванцу школы Кругера Івану Ахрэмчыку ў 1949 г. было прысвоена званне Народнага мастака Беларусі.