Школа Ю. Пэна ў Віцебску
Юрый (Юдаль) Пэн нарадзіўся ў невялікім гарадку Нова-Аляксандраўск Ковенскай губерні (цяпер – Зарасай, Літва) Пасля заканчэння ў 1886 г. Акадэміі мастацтваў у Cанкт-Пецярбургу Ю. Пэн ненадоўга вярнуўся ў Нова-Аляксандраўск, затым перабраўся ў Дынабург, жыў у Рызе. Потым пяць гадоў правёў у маёнтку барона Корфа ў Крэйцбурге (цяпер – Екабпілс, Латвія) і, нарэшце, з 1896 г. пасяліўся ў Віцебску.
У лістападзе 1897 г. Ю. Пэн атрымаў пасведчанне на права адкрыцця ў Віцебску школы жывапісу і малявання. Заняткі праходзілі на кватэры Ю. Пэна. У школе навучалася ад 10 да 25 чалавек адначасова. Спісы вучняў не складаліся, але ўвогуле за саракагадовую педагагічную дзейнасць Ю. Пэна вядомая колькасць яго вучняў дасягала 100 чалавек. Ю.Пэн быў першым настаўнікам цэлай плеяды прызнаных майстроў: Абеля Пана (Фефермана), Эль Лісіцкага, Саламона Юдовіна, Аскара Мешчанінава, Давіда Якерсона і Заіра Азгура.
У ліку самых знакамітых вучняў Ю. Пэна – Марк Шагал і Восіп Цадкін.
Кастрычніцкая рэвалюцыя стала пераломнай падзеяй і для школы Ю. Пэна. З 1919 па 1923 гг. мастак быў выкладчыкам у створаным М. Шагалам Віцебскім мастацкім вучылішчы. Праз майстэрню Ю. Пэна тады прайшлі такія мастакі, як Алексантэры Ахола-Вало, Леў Зевін, Рувім Фрумак, Саламон Гершаў і нават многія члены Уновiса на першых стадыях навучання. У гэты час Ю. Пэн сварыў адну з самых глыбокіх па філасофскім гучанні і драматызме карцін – «Аўтапартрэт з Музай і Смерцю». Да самай трагічнай смерці ў 1937 г. Ю. Пэн працягваў працаваць, удзельнічаць у выстаўках, даваць прыватныя ўрокі.
Школа Ю.Пэна зрабіла вялікі ўплыў на развіццё беларускага і нават сусветнага мастацтва.