Віленская рысавальная школа I. Трутнева

Пасля таго як у 1820 г. перастала існаваць Полацкая езуіцкая акадэмія, а ў 1832 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, у краі не засталося ніводнай мастацкай навучальнай установы. Выкладчыку малявання Віцебскай мужчынскай гімназіі Івану Трутневу, які скончыў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў і быў вядомы па малюнках помнікаў архітэктуры «рускай даўніны», было даручана стварыць школу малявання.

Віленская рысавальная школа адкрылася 6 снежня 1866 г. Яна была падзелена на два класы: рамесна-рысавальны і жывапісны. Школу маглі наведваць прадстаўнікі ўсіх саслоўяў, старэйшыя за 12 гадоў незалежна ад полу і веравызнання. Навучанне малюнку будавалася па прынцыпах акадэмічнага выкладання, а жывапісу – па методыцы натурных студый. Школа карысталася папулярнасцю. Яе вучнямі былі прадстаўнікі розных этнічных груп: рускія, палякі, яўрэі, літоўцы. На працягу ўсіх гадоў дзейнасці школы ў ёй вучыліся тыя, хто нарадзіўся на беларускіх землях (Станіслаў Дамброўскі, Язэп Драздовіч, Ісаак Іткінд і многія іншыя).

Рысавальная школа ў Вільні праіснавала да 1915 г. Яна не выконвала пастаўленых перад ёй утылітарных задач – рыхтаваць іканапісцаў для царкоўных патрэб і адаптаваць мясцовае мастацтва ў адпаведнасці з патрабаваннямі афіцыйнай культурнай палітыкі расійскага ўрада. Затое, дзякуючы такім выпускнікам як мастакі Парыжскай школы ў мастацтве Хаім Суцін , Міхаіл Кікоін , Пінхус Kремень, Роберт Генін , Сэм Царфін, школа набыла сусветную вядомасць. Па-рознаму склаліся іх лёсы, але творчай калыскай гэтых майстроў была Беларусь, а Вільня – горадам здзяйснення юнацкіх мар.