Час эксперыментаў (Віцебскі авангард)
Горад Віцебск у першыя паслярэвалюцыйныя гады ператварыўся ў найбуйнейшы цэнтр рэвалюцыі мастацтва.
У верасні 1918 г. народжаны ў Віцебску мастак Марк Шагал быў прызначаны Народным камісарыятам асветы ўпаўнаважаным па справах мастацтваў Віцебскай губерні. Ён быў ініцыятарам стварэння ў Віцебску мастацкай навучальнай установы і запрасіў на выкладчыцкую працу мастакоў з авангардным мысленнем. Першым дырэктарам Віцебскага народнага мастацкага вучылішча быў прызначаны мастак з Пецярбургу М. Дабужынскі. Паводле ідэі М. Шагала навучанне павінна было арганізоўвацца ў адпаведнасці з прынцыпам вольных майстэрань, што дазваляла навучэнцам выбіраць педагогаў і разам з імі творчыя накірункі. Дзякуючы розным суб’ектыўным прычынам менавіта Віцебская школа (1919-1923) зрабілася месцам творчых эксперыментаў сусветнага маштабу.
У 1919 г. на выкладчыцкую работу ў Віцебск прыехаў К. Малевіч. Ён распрацаваў уласную педагагічную сістэму, стварыў творчае аб’яднанне Уновіс («Утвердители нового искусства» – «Сцвярджальнікі новага мастацтва»). Уновіс, паводле ўяўленняў К. Малевіча, павінен быў стаць «партыяй у мастацтве», арганізацыяй барацьбітоў за новыя ідэі ў творчасці і жыцці, заснаваныя на прынцыпах супрэматызму. Пад яго кіраўніцтвам у Віцебску адбылася рэканструкцыя футурыстычнай оперы «Перамога над сонцам» і супрэматычнага балета ў пастаноўцы Н. Коган – па сутнасці, аднаго з першых у свеце перформансаў. Самым паслядоўным прыхільнікам К. Малевіча ў Віцебску быў Л. Лісіцкі. Менавіта ў Віцебску ён стварыў першыя свае «проуны» (назва ад «проекты Уновиса»).
Мастацкі феномен паслярэвалюцыйнага Віцебска звязаны з дзейнасцю славутых творцаў ХХ ст. М. Шагала, Л. Лісіцкага, К. Малевіча, якія ўзрасцілі і развілі свае творчыя канцэпцыі на мясцовай глебе. Віцебскія паслядоўнікі творчых эксперыментаў, пошукаў новых шляхоў у мастацтве стварылі асяроддзе, здольнае свабодна мысліць, нараджаць ідэі. Магутны выбух мастацкіх ідэй, які адбыўся ў Віцебску паслярэвалюцыйных часоў, паставіў невялікі беларускі правінцыйны горад побач з найбуйнейшымі сусветнымі мастацкімі цэнтрамі.