Выкладчыкі і выпускнікі Віцебскага мастацкага тэхнікума
Віцебск у 1920–1930-я гг. у сілу гістарычных абставін меў імідж “культурнай сталіцы” БССР, дзе “зараджалася новае савецкае рэгіянальнае выяўленчае мастацтва”. Разам з тым да канца 1921 г., калі з Віцебска паехаў Шагал і пачалі раз’язджацца настаўнікі створанага ім мастацкага вучылішча, у духоўным жыцці горада пачаў назірацца відавочны спад. У справе падтрымання культурнага ўзроўню горада сваю выдатную ролю адыграў Віцебскі мастацкі тэхнікум (1923-1941).
Перад тэхнікумам у 1920-я гг. былі пастаўлены дзве задачы – рыхтаваць спецыялістаў у галіне прыкладнога мастацтва і мастацкай прамысловасці і ўсёй сваёй дзейнасцю служыць стварэнню “беларускага нацыянальнага стылю ў мастацтве ў адпаведнасці з патрэбамі рэвалюцыйнага часу”. Выкладчыкамі былі ў асноўным выпускнікі Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. На думку кіраўніцтва тэхніума, без класічных асноў нельга было спасцігнуць законы сапраўднага рэалістычнага мастацтва. Авангардызм Малевіча і Шагала пачаў разглядаццца як “безыдэйны і фармалістычны”.
Усяго за 1923–1941 гг. у тэхнікуме на аддзяленнях жывапісна-педагагічным, скульптурна-педагагічным, паліграфічным, клубна-інструктарскім і ганчарна-керамічным атрымлівалі адукацыю больш за 500 навучэнцаў. Асноўнае ядро арганізаванага ў снежнi 1938 г. на I-м з’ездзе мастакоў Беларусі творчага саюза склалі педагогі і былыя навучэнцы Віцебскага тэхнікума. Некаторыя з іх пасля сталі народнымі мастакамі Беларусі (В. Волкаў, З. Азгур, Я. Зайцаў, І. Ахрэмчык, В. Цвірко, Р. Кудрэвіч, П. Масленікаў, А. Бембель, А. Глебаў, С. Селіханаў, Я. Нікалаеў), трынаццаць чалавек атрымалі ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў».
Выкладчыкі і выпускнікі тэхнікума былі сярод тых, хто закладваў трывалы падмурак прафесійнага беларускага выяўленчага мастацтва ў складаных і супярэчлівых умовах 1930-х гг.