Мастакі з Беларусі ў свеце
Беларускія майстры здаўна працавалі па-за межамі радзімы. У XVII cт. яны аздаблялі цэрквы і манастыры ў Маскве, укаранялі не толькі новыя тэхналогіі, але і еўрапейскія барочныя матывы дэкору. У першую чаргу гэта датычылася разьбы па дрэве, якая, маючы сваю адметнасць, кардынальна змяніла выгляд рускіх іканастасаў.
Традыцыя ўдзелу ў развіцці рускага мастацтва аднавілася пасля далучэння беларускіх тэрыторый у другой палове XVIII ст. да Расійскай імперыі. У Пецярбургу Іван Хруцкі стаў заснавальнікам акадэмічнай школы нацюрморта, а Валенцій Ваньковіч – вядомым партрэтыстам. Апалінарый Гараўскі набыў вядомасць як пейзажыст. За афармленне Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу званне акадэміка атрымаў Нікадзім Сілівановіч.
На пачатку ХХ ст. Марк Шагал, Восіп Цадкін, Аскар Мешчанінаў, Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень, Сэм Царфін, Роберт Генін пачалі спасцігаць асновы мастацтва ў прыватных школах Віцебска, Мінска, Вільні, потым прыехалі у Францыю і пасяліліся ў парыжскай камуне мастакоў «Вулей». Якава Балглея, Рыгора Глюкмана, Яўгена Зака і Восіпа Любіча прывялі ў Парыж іншыя шляхі, але разам з суайчыннікамі і поруч з такімі знанымі асобамі, як Пабла Пікасо, Амадэа Мадыльяні, Фернан Лежэ яны сталі стрыжнем легендарнай Парыжскай школы ў мастацтве. Арсень Заяц быў вымушаны пакінуць Пінск, накіравацца ў пошуках працы ў Францыю, дзе прайшоў шлях ад простага маляра да выбітнага дызайнера, уганараванага прэстыжнымі прэміямі.
У савецкі перыяд Георгій Ніскі стаў прызнаным класікам індустрыяльнага і батальнага пейзажа, быў уганараваны званнем Народнага мастака РСФСР. Яўсей Маісеенка дзякуючы вострай экспрэсіўнасці твораў атрымаў званне Народнага мастака СССР. На пачатку 1990-х гг. аднавілася традыцыя творчых вандровак. Большасць мастакоў, паспрабаваўшы знайсці прымяненне свайму таленту за мяжой, вярталася на радзіму з новым досведам. Некаторыя інтэграваліся ў культурнае асяроддзе іншых краін.
Мастакоў, якія вандруюць па свеце, больш не лічаць перабежчыкамі. Яны – прадстаўнікі мастацтва Беларусі ў свеце.