Мастакі і Вялікая Айчынная вайна
Пачынаючы з 1940-х гг. ваенная тэма была першай і найважнейшай для беларускага мастацтва і заставалася такой на працягу больш чым паўстагоддзя. Яна стала меркай майстэрства творчай асобы, тым, чым для жывапісца ХІХ ст. з’яўлялася тэма гістарычная альбо міфалагічная. Цяпер, у ХХІ ст. ваенная тэма ўспрымаецца нават шырэй: як героіка-патрыятычная.
Пад час Вялікай Айчыннай вайны усе мастакі, прызваныя на фронт і тыя, хто працаваў у тыле ворага, пачыналі як плакатысты, аўтары графічнага рэпартажу, нават калі былі жывапісцамі або скульптарамі. Cкульптар З. Азгур працаваў ілюстратарам плаката-газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну”, жывапісец П. Гаўрыленка маляваў плакаты-заклікі, І. Ахрэмчык ствараў эскізы плакатаў для часопіса “Партызанская дубінка”. Мастакі-байцы С. Раманаў, А. Волкаў, Г. Бржазоўскі, М. Манасзон рабілі замалёўкі, змагаючыся ў партызанскіх атрадах і ў дзеючай арміі.
У мастацтве ХХ ст. можна вылучыць тры сфармаваныя пакаленні мастакоў, якія закранулі ў сваёй творчасці тэму вайны. Да першага адносяцца відавочцы – тыя майстры, чыя творчая сталасць прыйшлася на ваенныя гады. Другое пакаленне складаюць мастакі так званага ваеннага дзяцінства. Гэта наступнае пакаленне, якое прыйшло ў мастацтва ўжо ў 1960-я гг.. Да прадстаўнікоў трэцяга пакалення адносяцца нашы сучаснікі, якія ведаюць вайну па творах мастацтва і са слоў бацькоў. У такім “храналагічным” падзеле ёсць свой сэнс: кожнае пакаленне прыўносіла ў тэму вайны сваё, уласцівае часу і лёсу светаадчуванне.
Пачаткам такіх напружаных пошукаў асэнсавання падзеей вайны ў кантэксце рэаліі мірнага жыцця можна назваць мяжу 1950–1960-х гг., а працягам – усё наступнае дзесяцігоддзе, у якое цалкам укладваецца так званы суровы стыль у беларускім савецкім жывапісе. У гэты час усё больш ясна сцвярджаецца стаўленне да падзей вайны як тэмы гістарычнай, успрыманне яе як вялікага этапу гісторыі савецкага народа, што адбіваецца і на канцэпцыі большасці твораў, як у сапраўдных шэдэўрах “Абарона Брэсцкай крэпасці” І. Ахрэмчыка, “Партызанская мадонна” М. Савіцкага, “Аб Вялікай Айчыннай” М. Данцыга, "Смага" А. Кашкурэвіча, іншых выдатных творах, напоўненых пафасам гераізму, філасофскімі абагульненнямі. Эмацыйнасць, гістарычная праўда, адлюстраваная ў працах мастакоў ваеннага часу, заўсёды будуць мець асаблівы статус у гісторыі беларускага мастацтва.