Выкладчыкі і выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
У пасляваенныя гады цэнтр мастацкай адукацыі Беларусі перамясціўся з Віцебска ў Мінск, дзе ў 1947 г. было адкрыта Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. Глебава). У ім вучыліся мастакі, якія пасля склалі аблічча беларускай мастацкай школы – В. Грамыка, Л. Шчамялёў, М. Савіцкі, М. Данцыг. У Мінскім вучылішчы працягвалася адукацыйная традыцыя, закладзеная ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, працавалі тыя ж выкладчыкі, захоўвалася тая ж методыка навучання. Пасля частка гэтых педагогаў перайшла на працу ў Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут (адкрыты у 1945 г.), калі ў 1953 г. у ім было створана мастацкае аддзяленне.
Мастацкая адукацыя ў інстытуце абапіралася на традыцыі рэалізму. Разам з тым індывідуальнасць мастакоў у той ці іншай ступені прабівалася скрозь жорсткія патрабаванні сацыялістычнага рэалізму. Нягледзячы на празмерную ідэалагізацыю ўзровень навучання прафесійнаму майстэрству быў высокі.
Адукацыя ў Акадэміі мастацтваў, створанай у 1991 г. на базе інстытута, захоўвае свой класічны характар, прытрымліваючыся, тым не менш, эвалюцыйнай палітыкі. На выстаўцы прадстаўлены работы, якія ўвасабляюць розныя аспекты і магчымасці рэалістычнага метаду. Яны з’ яўляюцца доказам творчай індывідуальнасці настаўнікаў, якія выхоўваюць у вучнях імкненне авалодаць майстэрствам і адначасова даюць ім магчымасць выпрацаваць свой стыль.