Гістарычны рамантызм
Hеарамантызм мяжы ХХ–ХХІ стст., з набыццём Рэспублікай Беларусь незалежнасці, аказаўся запатрабаваным і здабыў асаблівую актуальнасць на новай хвалі патрыятычнага ўздыму. У работах мастакоў выявілася ідэалізаванае, рамантычнае ўспрыманне даўняй гісторыі ў процівагу крытычнаму бачанню нядаўна мінулых дзесяцігоддзяў.
Тэрмінам «гістарычны рамантызм», як правіла, пазначаюць феномен, які перадаваў своеасаблівасць пераходнай эпохі ХІХ–ХХ стст. Аднак у 1980–1990-я гг. вострыя сацыяльна-палітычныя і экалагічныя праблемы змянілі погляд мастакоў на тэмы і праблемы, якія яшчэ ў нядаўнім мінулым даволі ўстойліва вызначалі аблічча беларускага мастацтва. Многія айчынныя аўтары звязалі сваю творчасць з нацыянальнай культурнай памяццю, з адлюстраваннем вобразаў малой радзімы, з народнай культурай, філасофіяй, гісторыяй, міфалогіяй, біблійнай тэматыкай. Сучаснае паказвалася праз прызму мінулага, а мінулае ўспрымалася з пазіцый сённяшняга дня.
Тэматыку многіх работ М. Селешчука вызначае вандроўніцтва як адзін з найбольш распаўсюджаных матываў рамантычнай культуры. Народны мастак Беларусі В. Шаранговіч у ілюстрацыях да рамантычай паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, разгарнуў шырокую карціну жыцця беларускай шляхты. Увага да прыватнага свету героя карціны характэрна для творчасці У. Тоўсціка. Галоўную сваю задачу мастакі бачаць у ператварэнні рэчаіснасці, у паэтызацыі быцця, у імкненні да ідэалу. Карціны будуюцца як бы ў двух часавых вымярэннях. Адно – рэальнае, пазнавальнае, абмежаванае рамкамі канкрэтнай мясціны, канкрэтнага часу, як, напрыклад, ва У. і М. Басалыгаў, Р. Сітніцы, Ф. Янушкевіча. Другое – звышрэальнае, дзе аўтар апелюе да эмоцый, памяці, ледзь улоўных рухаў і станаў душы, як у творах У. Кожуха, У. Савіча, М. Селешчука.
Гістарычны рамантызм 1980–1990-х гг. абазначае цалкам акрэсленую і зразумелую з’яву ў айчынным мастацтве. Аднак як гісторыка-культурнае паняцце гістарычны рамантызм не стаў устойлівым тэрмінам, бо абазначаў не столькі канкрэтныя стылістычныя мадыфікацыі, колькі агульныя ўласцівасці, дух часу. Ён развіваўся як альтэрнатыва натуралізму, як прарыў з паўсядзённага быцця да ўзнёслай, часам ідэалізаванай звышрэальнасці. Усё гэта сфарміравала культурнае аблічча таго часу, але з пачаткам ХХІ ст. гістарычны рамантызм не знікае цалкам, а дае штуршок для творочай ініцыятывы і сёння, выяўляючыся ў работах многіх сучасных мастакоў.