Мастацтва постмадэрнізму
Паняцце «постмадэрнізм» у еўрапейскай мастацкай культуры з’явілася ў 1960-я гг. і пазначыла новы светапогляд, які змяніў мадэрнізм у культуры ХХ ст. Перш за ўсё, гэта адыход ад экстрэмізму і нігілізму авангардных кірункаў пачатку ХХ ст., частковы зварот да традыцый, акцэнт на камунікатыўнай ролі мастацтва, цытаванні, іроніі і гульні з агульнапрызнанымі паняццямі і сэнсамі.
У беларускім мастацтве ў 1960-я гг., безумоўна, панаваў сацыялістычны рэалізм, але з’яўляліся пазнавальныя аўтары са сваёй светабудовай, якая цікавая і актуальная для сучаснага гледача. У 1970–1980-я гг. у беларускім мастацтве сталі з’яўляцца тэмы і вобразы, якія чэрпалі свае вытокі з народнай, традыцыйнай творчасці. Гэтая тэндэнцыя да «этнаграфізму», вобразаў гістарычнага мінулага, як і пошук новых эстэтычных сістэм, можна параўнаць з такім паняццем у філасофіі постмадэрнізму, як пераасэнсаванне традыцый. Пошук незалежнага выказвання становіцца галоўнай задачай мастацтва. Мяняецца характар выставачнай сістэмы: акрамя маштабных рэспубліканскіx, усесаюзных выставак сталі праходзіць незалежныя аўкцыёны, «кватэрнікі», выстаўкі ў кінатэатрах, бібліятэках, іншых установах культуры. Сталі з’яўляцца новыя мастацкія аб’яднанні са сваімі маніфестамі або праграмамі. Перыяд 1990-х гг. перш за ўсё быў звязаны з новым статусам краіны: у канцы 1991 г. з’явілася незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь. Гэта натхняла мастакоў на стварэнне новага, унікальнага. Адной з галоўных задач беларускай культуры канца 1980 – пачатку 1990-х гг. стаў пошук нацыянальнай ідэі. Змена гістарычнай парадыгмы, перыяд перабудовы, галоснасці, дэмакратыі, плюралізму паўплывалі на свядомасць мастакоў. У 1990-я гг. у беларускай культуры атрымаў шырокае распаўсюджанне абстрактны светапогляд. Многія аўтары сталі імкнуцца да абстрактнага мыслення, да ўмоўнасці мастацкага абагульнення. Ідэі К. Малевіча, В. Кандзінскага, П. Мандрыяна і іншыя абстрактныя тэорыі знайшлі сваіх прыхільнікаў у беларускім мастацтве.
Сучасная беларуская культура імкнецца да свабоды выказвання і свабоды выбару, калі кожны творца сам мае права выбраць для сябе і метад, і прыём мыслення. Усё часцей можна назіраць, што менавіта майстар вызначае, што назваць мастацтвам, на што звярнуць увагу гледача. Парушаючы ўсе існуючыя правілы, твор становіцца ўсёпаглынальным, межы паміж відамі, жанрамі, прыёмамі сціраюцца.