Рэнесанс і барока
Беларускія землі ўжо ў ХІІ ст. з’яўляліся месцам сустрэчы Усходу і Захаду. Духоўная культура Вялікага Княства Літоўскага ад самага пачатку (ХIІІ–ХIV стст.) будавалася на дзвюх вялікіх хрысціянскіх традыцыях: праваслаўнай усходняй і лацінскай заходняй. Tым не менш, да першай трэці ХVI ст. у духоўным жыцці пераважала праваслаўе, што развівала візантыйска-балканскую спадчыну.
Уплыў лацінскай культуры стаў заўважным у рымска-каталіцкіх іконах, дзе падзеі біблейскай гісторыі мастакамі эпохі Рэнесансу пераносіліся ў тагачаснае атачэнне, а ідэальныя вобразы святых набліжаліся да партрэтнага вобліку высакародных свецкіх асоб. Узорамі рэнесанснага стылю, якія захаваліся, у мастацтве Беларусі з’яўляюцца гравюры ў выданнях Францыска Скарыны, а таксама ў кнігах, выдадзеных праваслаўнымі, каталіцкімі, пратэстанцкімі суполкамі.
Падпісанне ў 1596 г. Брэсцкай уніі засведчыла спробу аб’яднаць праваслаўную і каталіцкую цэрквы і стварыць уніяцкую царкву. Мастакі беларускай школы іканапісу пачалі ўводзіць у абразы сцэны рэальнага жыцця. У XVII ст. у рымска- каталіцкіх храмах з’явіліся разныя ( ў асноўным драўляныя) скульптуры.
У другой палове XVI ст. і ў XVII ст. арыстакраты імкнуліся жыць «па-еўрапейску». Будаваліся замкі, якія аздабляліся барочнымі партрэтамі так званага “сармацкага” стылю, заснаванага на перакананні ў тым, што шляхта Вялікага княства Літоўскага паходзіла ад старажытных ваяўнічых сарматаў і таму адрознівалася ад славян і ад заходнееўрапейскай арыстакратыі адзеннем, паводзінамі і г. д.
Рэлігійная талерантнасць у Вялікім княстве Літоўскім спрыяла іміграцыі. Яўрэйскія суполкі былі цэнтрамі ювелірнага мастацтва. Вялікія князі запрашалі татар на службу падчас войнаў з Тэўтонскім ордэнам. Іх кнігі ствараліся на беларускай мове арабскім пісьмом. Стараверы, якія адасобіліся ад Рускай праваслаўнай царквы, пасяліліся непадалёку ад Гомеля, ў Ветцы, якая стала адным з цэнтраў іх рэлігійнага і культурнага жыцця, дзе ствараліся рукапісныя і друкаваныя кнігі, маляваліся абразы высокага мастацкага ўзроўню.
У эпоху барока Радзівілы заснавалі шэраг мануфактур, на якіх вырабляліся кафля, парцэлянавы посуд (у Свержані), жырандоляў, шклянога посуду (ў Налібоках і Урэччы), кунтушовых паясоў – найбольш харэктэрнага элемента мужчынскага адзення (у Слуцку).
Палацы магнатаў з іх тэатрамі, бібліятэкамі, калекцыямі твораў мастацтва былі асноўнымі цэнтрамі тагачаснай культуры.