Мастацкія школы Мюнхена
З 1880-х гг. састарэлы ўзровень кансерватыўнай акадэмічнай адукацыі, якую давала Акадэмія мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, перастаў задавальняць маладых мастакоў з Беларусі. Мюнхен з яго Каралеўскай акадэміяй выяўленчых мастацтваў і сеткай прыватных школ стаў адным з аб’ектаў іх увагі.
Адным з найбольш вядомых выпускнікоў Каралеўскай акадэміі быў Альфрэд Ромер, род якога паходзіць з Беларусі. У 1880 г. у Каралеўскую акадэмію выяўленчых мастацтваў паступіў сын слонімскага рабіна, Ізраіль Крупене. Ураджэнец Мсціслава Абрам Маневіч вучыўся ў Мюнхенскай акадэміі выяўленчых мастацтваў, дзе на яго светаўспрыманне паўплываў вытанчаны, трохі ламаны стыль вядомага мастака мадэрну, сімваліста Франца фон Штука.
Частка мастакоў з Беларусі аддавала перавагу прыватным школам. Зянона Ленскага прывабіла школа, заснаваная знакавай асобай у польскай калоніі ў Мюнхене – баталістам Ёзафам Брантам, які апяваў жыццё польскай шляхты. Роберт Генін, які быў родам з вёскі Высокае Клімавіцкага павета, навучаўся ў школе славенца Антона Ажбэ, у якой асаблівая ўвага надавалася вывучэнню анатоміі чалавечага цела.
У пачатку ХХ ст. Мюнхен з яго школамі стаў толькі прэлюдыяй да мастацкага Парыжа, неабходным этапам адыходу ад акадэмізму, засваення новых тэм і матываў, разумення адлюстравання формы ў малюнку і жывапісе. Многія майстры, выхадцы з Беларусі, – Зянон Ленскі, Роберт Генін, – з’ехалі з Мюнхена дзеля парыжскіх акадэмій, у якіх лунаў дух наватараў: імпрэсіяністаў, постімпрэсіяністаў і мадэрністаў. Менавіта там яны працягнулі сваё навучанне і сфарміраваліся як майстры жывапісу.