Iнсітнае мастацтва
Маляваныя дываны (наіўныя жывапісныя работы на палатне, якія звычайна мацаваліся на сценах ля ложкаў) ўзніклі і атрымалі развіццё напрыканцы ХІХ – у першай палове ХХ ст. на стыку масавай і народнай культур.
Непасрэднымі стваральнікамі жанра маляванага дывана трэба лічыць гарадскіх мастакоў – аўтараў шыльдаў для крам, дэкарацый фотаатэлье і насценных роспісаў у цырульнях, лазнях, сталовых у малых гарадах і мястэчках. Яны спрашчалі сюжэты жывапіснай класікі, спалучалі іх з архетыпамі народнага мастацтва, надаючы ім новыя сэнсы.
Мастак і настаўнік Язэп Драздовіч (1888–1954) абраў долю вандроўнага мастака, свядома карыстаючыся жанрам маляванага дывана для эстэтычнага асветніцтва сялян. Шэдэўрамі беларускага інсітнага мастацтва з’яўляюцца дываны Алены Кіш (1896–1949). Яна не атрымала спецыяльнай мастацкай адукацыі, але арыгінальныя па сюжэтах работы, у якіх спалучаюцца дэкаратыўна-арнаментальны і сюжэтны жывапіс, ставяць яе ў шэраг сусветна вядомых мастакоў-прымітывістаў.
Маляваныя дываны Я. Драздовіча і А. Кіш з’яўляюцца ўзорамі сустрэчы і ўзаемапранікнення высокай і народнай культур. Гэта сустрэча адбылася дзякуючы таму, што мадэрн пераняў ад рамантызму цікавасць да фальклору. Эпоха мадэрну садзейнічала адкрыццю феномена інсітнага (наіўнага) мастацтва, якое адпавядала постімпрэсіяністычным тэндэнцыям развіцця еўрапейскага жывапісу і стала самастойнай плынню ў культуры ХХ ст.