Мастацкае шкло
Гісторыя беларускага шкларобства бярэ свой пачатак яшчэ ў раннім Сярэднявеччы. Да гэтага ў II–V стст. «шклянкі» прывозілі з краін Блізкага Усходу і Візантыі. У VII ст. нашы продкі ўжо спрабавалі вырабляць пацеркі, пярсцёнкі, бранзалеты. У XI ст. з’явіліся першыя майстэрні – гуты.
Cамыя вядомыя ў Беларусі шкловытворчыя мануфактуры – Налібоцкая і Урэчская – былі створаны ў XVIII ст. У канцы XIХ ст. на тэрыторыі Беларусі налічвалася 32 буйныя шкляныя прадпрыемствы, сярод якіх быў і шклозавод у Барысаве, заснаваны ў 1898 г. З 1899 па 1919 г. завод знаходзіўся ва ўладанні дынастыі віленскіх фабрыкантаў Краеўскіх. Да канца XIX ст. пераважным стылем у шкларобстве стаў мадэрн. Барысаўскі шкляны посуд быў узнагароджаны Гран-пры і двума вялікімі залатымі медалямі Усерасійскай прамысловай выстаўкi (1908) і залатым медалём у Парыжы (1910).
На выстаўцы прадстаўлена калекцыя шклянога посуду пачатку XX ст. з фондаў Барысаўскага краязнаўчага музея, а таксама ўзоры прадукцыi шклозавода «Нёман» з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея.
Гісторыя шклозавода «Нёман» пачалася ў 1883 г. з невялікай вытворчасці бутэлькавага шкла і іншага шклянога посуду, што была адкрыта памешчыкам Зянонам Ленскім у ваколіцах сучаснага горада Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1890-я гг. вытворчасць З. Ленскага перайшла ва ўласнасць інжынера Вільгельма Краеўскага і мастака-дэкаратара шкла Юліуса Столе. У 1939 г. фабрыка Ю. Столе была нацыяналізавана, а потым у гады Другой сусветнай вайны разбурана. З 1944 г. пачынаецца новая гісторыя прадпрыемства. У 1958 г. на шклозаводзе ствараецца эксперыментальна-мастацкі аддзел, супрацоўнікамі якога пасля сталі мастакі Аркадзь Анішчык і Галіна Сідарэвіч.
З другой паловы ХХ ст. «нёманскае» шкло пастаянна ўдзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх выстаўках, ацэньваецца прэстыжнымі ўзнагародамі.