Мастакі Парыжскай школы з Беларусі

...Такім чынам, яны вярнуліся, праз стагоддзе, гэтыя беларускія эмігранты – мастакі, якія паехалі за школай і лепшай доляй з беларускіх мястэчак і гарадкоў яшчэ ў дарэвалюцыйны час у Парыж – горад мастацкай свабоды. Вярнуліся на радзіму карцінамі, створанымі ў 1920–1960-я гады.

Усе гэтыя маладыя мастакі (падчас ад’езду ім было крыху больш за 20 гадоў), якія скончылі сярэднія мастацкія ўстановы на радзіме – у Мінску, Вільні або Адэсе, адправіліся ў Парыж за славай, стаўшы спачатку бязмоўнымі пясчынкамі ў мільённым Парыжы, малой жменяй з 40 тысяч замежных жывапісцаў і скульптараў, што працавалі тады ў Парыжы. Якія упартасць, працавітасць, талент, вітальная сіла, жыццёвая энергія, вера ў сябе спатрэбіліся, каб не проста выжыць у прыгажэйшым горадзе свету, але і прабіцца сярод шматлікіх канкурэнтаў на выставы ў парыжскія галерэі, мець шанец быць заўважанымі маршанамі – гандлярамі ад мастацтва .

86 мастакоў з гэтага разнамоўнага лагера склалі так званую “парыжскую школу” (тэрмін мастацкага крытыка Андрэ Варно), касмапалітычнае сузор’е незалежных індывідуальнасцей, якія пасяліліся на Манпарнасе. Трэць парыжскай школы, самыя таленавітыя яе прадстаўнікі – ураджэнцы Беларусі. Яны жылі ў знакамітай камуне мастакоў “Вулей” на Манпарнасе, знаходзіліся ў галечы, гераічна перажылі перыяд беднасці і непрызнання, першую і другую сусветныя войны, але ўсё ж дамагліся вядомасці. Пра іх напісаны зараз дзясяткі манаграфій, выдадзены альбомы, іх працы – у самых вядомых музеях Еўропы, у большасці сваёй – у Францыі і ЗША. Некаторыя з іх памерлі ў маладосці, некаторыя вярнуліся на радзіму, каб загінуць, але большасць дажылі да глыбокай старасці ў Францыі, ва ўласных дамах на Лазурным беразе або ў Парыжы. Са многімі з іх можна было сустрэцца яшчэ ў 1980-я гады – гады перабудовы і адкрытых граніц.

11 мастакоў парыжскай школы родам з Беларусі склалі касцяк Парыжскай школы, увайшлі ў кантэкст еўрапейскай культуры. Гэта сусветна вядомыя імёны Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна, а таксама малавядомыя беларусам, але праслаўленыя у Еўропе Пінхус Крэмень з Жалудка, Мішэль Кікоін з Гомеля, Восіп Любіч з Гродна, Шрага Зарфін са Смілавіч, Роберт Генін з Клімавіч, Надзя Хадасевіч-Лежэ з вёскі пад Докшыцамі, Яўген Зак з Магільна, Якаў Балглей з Брэста.