Беларускі абстракцыянізм
Паводле аб’ектыўных прычын непрадметныя творы ў мастацтве Беларусі пачынаюць з’яўляцца толькі ў перыяд зараджэння г.зв. “беларускага авангарду” – 80–90-я гады ХХ стагоддзя. У гэты час аўтары, спрабуючы ўзнавіць перарваную сувязь, звярнуліся да разнастайных плыняў мадэрнізму першай паловы ХХ стагоддзя. Важнае месца ў іх творчых пошуках заняў абстракцыянізм. Як апагей падобных шуканняў, аформілася легендарнае аб’яднанне “Няміга-17”. Удзельнікаў гэтай суполкі (Зоя Літвінава, Леанід Хобатаў, Мікалай Бушчык і інш.) яднала імкненне да пераадолення крызісу сацрэалістычнага метаду праз вызваленне жывапісу ад прадмета.
Феномен адраджэння абстракцыянізму ў сучасным беларускім мастацтве непасрэдна звязаны са спадчынай педагагічнай і творчай дзейнасці Казіміра Малевіча ў Віцебску ў пачатку ХХ стагоддзя. Сучасныя паслядоўнікі Малевіча (Аляксандр Малей, Сяргей Кірушчанка) працуюць у рэчышчы геаметрычнай абстракцыі, збліжаючы яе з актуальнымі практыкамі канцэптуалізму. Аднак многія аўтары не прымаюць канцэпцыю Малевіча пра смерць жывапісу і працягваюць шчыраваць на ніве лірычнай абстракцыі (Аляксандр Салаўёў, Віктар Сахно, Анатоль Кузняцоў). Яны вывучаюць досвед абстрактнага экспрэсіянізму і натхняюцца творчасцю Марка Роткі. У супрацьвагу “Чорнаму квадрату” Малевіча некаторыя мастакі (Рыгор Іваноў, Віктар Васюкевіч) уздымаюць у сваёй творчасці сімвал святла.
Крыніца: Суходолаў А. Канцэптуальныя асновы абстрактнага мастацтва Беларусі к. ХХ – пач. ХХІ ст. Даклад на студэнцкай канферэнцыі “Еўропа 2014”, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Вільня (яшчэ не апублікаваны)