Concert-lecture 'Towards Northern Lights'April 22, 2018 at 13 o'clock

22 красавіка ў  13:00 у межах кінафестывалю «Паўночнае ззянне» ў галерэі «Арт-Беларусь» адбудзецца канцэрт-лекцыя «Насустрач Паўночнаму ззянню» ў выкананні музычнага калектыву Bon Voyage пад кіраўніцтвам Вольгі Перагуд.

Што аб’ядноўвае знакамітага нарвежскага кампазітара XIX стагоддзя Уле Буля і пераможцу Еўрабачання-2009 Аляксандра Рыбака? Чым багатая Ісландыя, акрамя гейзераў і футболу? Адкуль у фінаў танга? Што хвалявала Эдварда Грыга, і якую музыку гулялі на вяселлях у Даніі ў даўнія часы?

Калі вам цікава даведацца адказы на гэтыя і іншыя пытанні – прыходзьце на канцэрт-лекцыю. Лекцыю чытае Вольга Перагуд – мастацкі кіраўнік калектыву Bon Voyage, выпускніца БДАМ, член журы міжнародных музычных фестываляў.

У выкананні Bon Voyage на мерапрыемстве прагучыць меладычная, рытмічная, рамантычная, таямнічая музыка з рэгіёну Паўночнай Еўропы і Балтыі.

Bon Voyage – гэта музычны праект, у склад якога ўваходзяць толькі дзяўчыны. Улетку 2017 года ён стаў адным з хэдлайнераў Дзён культуры Фінляндыі ў Мінску.

Аснову рэпертуару калектыву складаюць папулярная класіка, мелодыі Брадвея, музыка кіно і арыгінальныя апрацоўкі песень народаў свету. Калектыў актыўна супрацоўнічае з пасольствамі Італіі, Венгрыі, Фінляндыі, з прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь, прымае ўдзел у мерапрыемствах Нацыянальнага мастацкага музея.

Музычная ілюстрацыя:
Святлана Стэфаненка (клавішы)
Алена Сяргеенка (гітара)
Елізавета Вільчык (флейта)
Анастасія Ярашук (віяланчэль)
Алена Дзмітрыева (скрыпка)
Таццяна Беразоўская (перкусія)

У рамках Індустрыйнай платформы Фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» сёлета адбудзецца каля 20 мерапрыемстваў: лекцый пра кіно і скандынаўскі дызайн, пашыраных Q&A, музычных канцэртаў.