Presentation of the book 'Tales of the old Adamkova'May 17, 2018 at 18.00 o'clock

Як самастойна выдаць кнігу мары без кампрамісаў да якасці: цуды і «Казкі старога Адамкова» на прэзентацыі ў галерэі «Арт-Беларусь»

17 траўня а 18.00 у мінскай галерэі «Арт-Беларусь» адбудзецца прэзентацыя кнігі «Казкі старога Адамкова». Пісьменніца Наталка Харытанюк і мастачка Воля Кузьміч распавядуць пра цуды, працу і падтрымку, якія дазволілі выдаць кнігу дзіцячых прыгод па-беларуску і без кампрамісаў да якасці. Прэзентацыя ў галерэі пройдзе ў суправаджэнні выставы ілюстрацый Волі Кузьміч.

Кніга выйшла ў красавіку 2018 года ў выніку паспяховай краўдфандынгавай кампаніі. Патрэбная для выдання сума была сабраная на платформе «Talaka» ужо на трэці дзень пасля старту збору сродкаў. Агульная падтрымка склала 120% ад запланаванай і дазволіла аўтаркам рэалізаваць свае самыя смелыя задумы. Тры казкі размясціліся на 44 поўнакаляровых шчыльных старонках вялікага фармату, а кожны разварот кнігі змяшчае дэталізаваныя вялікія сюжэтныя ілюстрацыі.

Перад намі тры гісторыі з ключом, якія адбываюцца з братам і сястрой, Кастусём і Наталкай, у іх двары на самым захадзе горада Берасце, у старым раёне Адамкова. Нефармальны дэвіз выдання «Усе загадкі схаваныя за гаражамі» жыве ў ілюстрацыях літаральна ў некалькіх вымярэннях.

У выніку сумеснай працы аўтаркі і мастачкі атрымалася кніга, якую адзін з першых чытачоў філосаф Ігар Бабкоў назваў «вясёлым, магічным і бескампрамісна якасным літаратурным падарожжам».

Выданне стала магчымым у выніку падтрымкі блізу сотні спонсараў, асаблівую падзяку аўтары выказваюць Ігару Жабароўскаму, кампаніям «Цесляры» і Symbal.by, краўдфандынгавай кампаніі «Talaka» і галерэі «Арт-Беларусь».

Уваход вольны, аднак просім папярэдне зарэгістравацца: https://goo.gl/forms/LDi7Hx2wKtSQLkaZ2

Пра аўтарак:

Наталка Харытанюк
Аўтарка кнігі апавяданняў «Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката» (2010) і рамана «Смерць лесбіянкі» (2013). Лаўрэатка прэміі «Дэбют» (2010), яе раман увайшоў у лонг-ліст Прэміі Ежы Гедройца (2013). Выкладала ангельскую мову на Факультэце міжнародных адносін БДУ, цяпер дае прыватныя ўрокі ангельскай мовы дома. Выхоўвае сына Багдана.

Воля Кузьміч
Аўтарка ілюстрацый і анімацыі для рэкламы, сайтаў, гульняў, кніг і мабільных дадаткаў. Творы і праекты атрымалі болей за 30 узнагарод і гран-пры на беларускіх і міжнародных фестывалях рэкламы і камунікацый (Adnаk! 2011-2016, ПОРА! 2013, 2015, Дзелавы інтэрнет 2012). Выставы і прэзентацыі творчасці праходзілі ў Беларусі, Германіі і Польшчы. Выхоўвае сына Льва.