Works by the artists of the 'Belgazprombank feat. Salon d'Automne' for the first time are on show in Brest01.03.2019Belgazprombank features Salon d'Automne

У выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра адкрылася шостая выстава маладых мастакоў «Усе разам». Унікальнасць сёлетняй экспазіцыі – у тым, што ў ёй у гасцявым фармаце ўпершыню прадстаўлены ўдзельнікі і пераможцы «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам».

На ўрачыстым адкрыцці выставы «Усе разам-6» выступілі: саветнік старшыні праўлення Белгазпрамбанка Уладзімір Сажын, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук, куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка Аляксандр Зіменка.

«На мой погляд, тут прадстаўлены адны з лепшых палотнаў «Салонаў». Адкрыццё выстаў выяўленчага мастацтва – добрая справа. Бо карціна – гэта не проста выяўленая прыгажосць ці праўда ў разуменні мастака. Гэта магчымасць нам падумаць пра сябе саміх праз мастацтва. Таму падобнага роду рэчы выключна карысныя для кожнага чалавека», – адзначыў на вернісажы Уладзімір Сажын.

Аляксандр Зіменка ў сваім выступе падзяліўся планамі на будучыню: «Упершыню ў гісторыі праекта «Арт-Беларусь мы плануем прывезці ў Брэст лепшыя творы нашай карпаратыўнай калекцыі. Гэта будзе падарунак ад Белгазпрамбанка жыхарам горада да яго тысячагоддзя. Сярод аўтараў будуць і першыя імёны, такія як Хаім Суцін, Марк Шагал», – адзначыў куратар. Ён удакладніў, што ўпершыню гэтыя творы будуць прадстаўлены за межамі беларускай сталіцы.

«Усе разам-6» – гэта традыцыйная брэсцкая выстава маладых мастакоў сумесна з творамi пераможцаў і ўдзельнікаў усіх чатырох гадоў існавання праекта «Восеньскi салон з Белгазпрамбанкам».

Правядзенне выставы прымеркавана да 1000-годдзя горада над Бугам і 20-годдзя Брэсцкай абласной дырэкцыі Белгазпрамбанка. У экспазіцыі прадстаўлена 19 брэсцкіх мастакоў з 48 творамi i 15 мастакоў «Восеньскага салона» з 27 творамi. Экспанаваныя творы выкананы ў тэхніках жывапісу, графікі, скульптары, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэкстылю і відэаінсталяцыі.

Аўтарамі твораў з'яўляюцца як прадстаўнікі моладзі, так і мастакі, якія ўжо заявілі пра сябе на выставачных пляцоўках краіны. Гасцямі выставы збоку арт-праекта «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» з’яўляюцца: Аляксандр Бельскі, Алена Гіль, Уладзімір Сакалоўскі, Алеся Багданава, Алеся Скарабагатая, Марыя Банэ, Хрысціна Мельнік, Усевалад Швайба, Наталля Шкраба, Сяргей Рубашка, Юлія Мацура, Арцём Мядзведзеў, Надзея Леановіч, Таццяна Кандраценка і Сямён Маталянец.

Выстава «Усе разам-6» працуе да 17 сакавіка 2019 года ўключна па адрасе: г.Брэст, вул. Савецкая, 54 (Выставачная зала Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра).

Фотаздымкі Віктара Карпука.

У тэксце выкарыстаны матэрыялы БелТА.