Бібліятэкі Віцебска і Віцебскай вобласці першымі ў Беларусі атрымалі ў дар 452 камплекты ўнікальнага пяцітомнага збору твораў лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч “Галасы Утопіі”, выдадзенага пры дапамозе Белгазпрамбанка.
На мерапрыемстве, якое прайшло 21 чэрвеня 2018 года ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна, адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы кніг у дар бібліятэкам Віцебскай вобласці ад Белгазпрамбанка.
Праект “Галасы Утопіі”, прысвечаны выданню цыкла кніг Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч на беларускай мове ў найноўшым перакладзе лепшых літаратараў нашай краіны, стартаваў 21 лютага 2018 года на краўдфандынгавай платформе “Вулей”. Ён прыцягнуў 231.950 беларускіх рублёў і стаў самым маштабным у гісторыіі беларускага краўдфандынгу, а таксама адным з найбуйнейшых у СНД.
Белгазпрамбанк прыняў удзел у дадзеным праекце і размясціў замову на друк дадатковага накладу ўнікальнага пяцітомнага выдання. Кнігі бязвыплатна перадаюцца ў фонды бібліятэк нашай краіны, пачынаючы з Віцебскай вобласці. Усяго віцебскаму рэгіёну перададзена 452 камплекты кніг.
Збор твораў (а гэта 5 кніг) патрапіць як у гарадскія, так і сельскія бібліятэкі.
Распавядаючы аб праекце, старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка, у прыватнасці, сказаў: “Адносіны да дасягненняў у інтэлектуальнай галіне вызначаюць узровень развіцця краіны і яе магчымасці. Безумоўна, мы ганарымся прызнаннем заслуг беларускага нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч, і наша задача – зрабіць даступным плён яе творчасці на роднай, беларускай мове”.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Белгазпрамбанк, упраўленне культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Цэнтр выяўленчага і медыя мастацтва “Новая культурная ініцыятыва”, Віцебская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна.
Святлана Алексіевіч – першы беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Самую прэстыжную пісьменніцкую ўзнагароду яна атрымала ў 2015 годзе “за шматгалосную творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў наш час”. У цыкл “Галасы Утопіі” ўваходзіць пяць кніг, над якімі пісьменніца працавала на працягу сарака гадоў: “У вайны не жаночы твар”, “Апошнія сведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва”, “Час сэканд-хэнд”.
Белгазпрамбанк падтрымлівае шэраг маштабных грамадскіх ініцыятыў у галіне дабрачыннасці (Міжнародны фонд дапамогі дзецям “Шанс”), тэатральнага і выяўленчага мастацтва (Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”, нацыянальны гісторыка-культуралагічны праект “Арт-Беларусь”), адукацыі (штогадовая канферэнцыя па краўдэканоміцы “Новая рэальнасць: выклікі для Беларусі”), спорту (Брэсцкі гандбольны клуб імя А.П.Мяшкова).