У культурным інкубатары "ОК16" адбылася прэзентацыя поўнага збору твораў лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Святланы Алексіевіч “Галасы Утопіі”, выдадзенага пры падтрымцы Белгазпрамбанка.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч, старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка, пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан, заснавальнік краўдфандынгавай платформы “Вулей” Эдуард Бабарыка, выдавец Ігар Логвінаў, пісьменнік Уладзімір Арлоў.
У межах мерапрыемства быў прадстаўлены праект "Галасы Утопіі", рэалізаваны на краўфандынгавай платформе “Вулей” і прызнаны самай паспяховай краўдфандынгавай ініцыятывай у нашай краіне.
Бібліятэкам Мінска і Мінскай вобласці ад Белгазпрамбанка былі ўрачыста перададзены сертыфікаты на атрыманне ў дар больш за 500 камплектаў унікальнага выдання.
Усяго імпрэзу наведалі каля 600 запрошаных гасцей і падпісчыкаў краўдфандынгавага праекта. Завяршылася яна працяглай аўтограф-сесіяй, падчас якой кожны з запрошаных мог асабіства атрымаць аўтограф нобелеўскага лаўрэата.