Канцэпцыя

Праект “Арт-Беларусь”, які вырас з карпаратыўнай калекцыі ААТ "Белгазпрамбанк", набыў статус праекта нацыянальнага маштабу, які прызваны паказаць гістарычны зрэз выяўленчага мастацтва Беларусі ва ўсёй паўнаце і цэласнасці. Сёння “Арт-Беларусь” здольны служыць аднаўленню сувязяў з культурна-гістарычнай спадчынай мінулага і надаць новы імпульс развіцця сучаснаму беларускаму мастацтву.

Праект прызваны стымуляваць развіццё творчага пошуку мастакоў, яшчэ больш пашырыць кругагляд мастацтвазнаўцаў. Гэта адпавядае пазіцыі Белгазпрамбанка, заснаванай на спрыянні прагрэсіўнаму развіццю грамадства шляхам павышэння яго культурнага ўзроўню, заахвочвання творчай ініцыятывы.

 
 Віктар Бабарыка,
Старшыня Праўлення ААТ “Белгазпрамбанк”
 

“Арт-Беларусь” – ініцыяваны Белгазпрамбанкам нацыянальны гісторыка-культуралагічны праект. Мэта праекта – развіццё на аснове адукацыйных праграм творчага мыслення і ініцыятывы дзеячаў культуры, прасоўванне іх творчасці ўнутры краіны і за мяжой. Шляхам вывучэння і экспанавання артэфактаў банк здзяйсняе рэканструкцыю цэласнага і бесперапыннага працэсу развіцця культуры Беларусі, садзейнічае вызначэнню яе ролі ў сусветнай культуры, павышае цікавасць да нацыянальнага мастацтва сярод насельніцтва.

 

Партал

Прадстаўніцтвам праекта “Арт-Беларусь” у віртуальнай прасторы стаў краўдсорсінгавы партал artbelarus.by. Партал уяўляе сабой буйную інтэрнет-галерэю твораў беларускага мастацтва, што адлюстроўваюць яго тысячагадовую гісторыю. У аснову галерэі пакладзены каталог выставы “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, экспанаты якой былі адабраны навуковымі супрацоўнікамі Нацыянальнага мастацкага музея. Далейшае папаўненне галерэі ладзіцца паводле прынцыпу краўдсорсінгу – любы карыстальнік, зарэгістраваўшыся, атрымлівае магчымасць дадавання на сайт новых экспанатаў і біяграфій мастакоў. Усе дадаваныя матэрыялы праходзяць праз мадэрацыю.

Патрабаванні да файлаў выяў: фармат JPG (PNG, GIF), не менш за 600 пікселяў у вышыню, максімальны памер 50 Мб. Фатаграфіі экспанатаў рэкамендуецца дадаваць у высокай якасці, таму што на партале рэалізавана магчымасць іх прагляду ў мегапіксельным дазволе. Для фота скульптуры і аб’ёмных твораў рэкамендуецца афарбоўваць фон у шэры колер (інструкцыя для Photoshop: сціраем фон, робім яго празрыстым, захоўваем выяву ў JPG і пасля ў дыялогавым акне “Параметры JPG” абіраем падложку “Netscape шэры” ці “Шэры 50%” (гл. скрыншот).

Дзеля таго, каб інфармацыя пра экспанат (аўтара) карэктна адлюстроўвалася на сайце, неабходна запоўніць дадзеныя пра яго – як мінімум поле “Назва” (“Імя аўтара”) – на трох мовах (рускай, беларускай і ангельскай).

Дадаваны мастак з'яўляецца ў спісе аўтараў толькі пасля дадавання прыналежных яму экспанатаў.

З прапановамі па зменах існай структуры галерэі, а таксама дадаванні новых раздзелаў і перыядаў можна звяртацца праз форму зваротнай сувязі, размешчаную ўнізе гэтай старонкі.

 

Калекцыя

У межах рэалізацыі праекта “Арт-Беларусь” адбываецца фарміраванне карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, якая налічвае на дадзены момант больш за 60 артэфактаў. Першапачаткова прысвечаная спадчыне мастакоў Парыжскай школы з Беларусі (М. Шагала, Х. Суціна, М. Кікоіна і іншых), з часам калекцыя пашырыла сваю канцэпцыю і мае на мэце вяртаць у культурны кантэкст несправядліва занядбаныя імёны беларускіх мастакоў (В. Ваньковіча, Л. Бакста, Дз. Стэлецкага і г.д.), прыналежных да розных гістарычных эпох. Белгазпрамбанк ладзіць даследчую працу па выяўленні твораў нашых суайчыннікаў у замежных зборах і іх вяртанні шляхам набыцця на сусветных аўкцыёнах і ў прыватных калекцыянераў.

 

Выставы

Пад эгідай “Арт-Беларусь” ладзяцца грандыёзныя выставачныя праекты, першым з якіх была выстава “Мастакі парыжскай школы з Беларусі”, паказаная ў Мінску, Гомелі, Віцебску і Вільні (Літва). Праект “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, які ладзіўся ў сакавіку-ліпені 2014 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, прызнаны самай маштабнай экспазіцыяй прадметаў культурнай спадчыны беларускага народа за ўсю гісторыю незалежнасці нашай краіны. На выставе было сабрана больш за 500 экспанатаў, што ўвасобілі тысячагадовую гісторыю беларускага мастацтва, ласкава перададзеных 29 музеямі, бібліятэкамі, прыватнымі калекцыянерамі і рэлігійнымі арганізацыямі рэспублікі.

 

Праекты

Канцэпцыя “Арт-Беларусь” не абмяжоўваецца арганізацыяй выстаў – у межах праекта здымаюцца фільмы пра беларускіх мастакоў (дакументальны цыкл Алега Лукашэвіча “Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі”), выдаецца літаратура (факсімільнае ўзнаўленне кнігі “Посах кіравання” Сімяона Полацкага (1667). Падрабязней пра праекты.